ВУЧОНЫ І НАСТАЎНІК

/да 105-годдзя Н. Перкіна, літаратуразнаўцы, крытыка, празаіка/

    Навум Саламонавіч Перкін... Былі часы, калі гэтае прозвішча было знаёмае кожнаму школьніку. Па падручніку, напісаным ім у суаўтарстве з Юльянам Пшырковым, вучылася некалькі пакаленняў (перавыдаваўся дзевяць разоў). Для тагачасных юнакоў і дзяўчат, да якіх належаў і аўтар гэтых радкоў, падручнікі адкрывалі шмат новых імёнаў дзеячаў беларускай культуры і літаратуры ад старажытнасці і да нашых дзён, стваралі ўяўленне пра вялікую прастору беларускай гісторыі, нараджалі думку пра Беларусь як вялікае непадзельнае цэлае. А былі яшчэ манаграфіі, дысертацыі, шматлікія артыкулы,

выступленні. Навума Перкіна добра ведалі ў навуковым свеце, яго думкі цытаваліся паплечнікамі і вучнямі. Яго запрашалі выступаць на важ­ных навуковых канферэнцыях.

    Навум Саламонавіч Перкін нарадзіўся 15 лютага ў мястэчку Тураў Мазырскага павета Мінскай губерніі /цяпер г. Тураў, Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласці/ ў сям’і саматужніка. У 1928 г. паступіў у Гомельскае педвучылішча, але з 2-га курса вымушаны быў пайсці працаваць настаўнікам сельскай школы. Летам 1931 г. пераехаў у Мінск і паступіў рабочым на абутковую фабрыку, адначасова хадзіў у вячэрнюю школу.

    У 1932 г. прыняты на вячэрняе аддзяленне Мінскага педінстытута. Вучобу спалучаў з работай на фабрыцы, затым у БелТА ў якасці літсупрацоўніка, загадчыка прамысловага сектара. Пасля заканчэння педінстытута (1936г.) некаторы час працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Полацкім педвучылішчы.

    У 1936—37гг. на ваеннай службе. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам пры Мінскім педінстытуце. У чэрвені 1941г. накіраваны на фронт. Камандаваў узводам, трапіў у акружэнне. Звязаўшыся з партызанамі ў Бранскіх лясах, стаў байцом, затым камандзірам узвода, начальнікам штаба атрада Рагнедзінскай партызанскай брыгады. У верасні 1943г. брыгада злучылася з Савецкай Арміяй. Скончыўшы курсы пры Вышэйшай афіцэрскай школе, да канца вайны камандаваў артбатарэяй, прымаў удзел у баявых аперацыях, быў двойчы паранены. Дэмабілізаваўся ў снежні 1945г..

    Са студзеня 1946г. да апошніх дзён свайго жыцця працаваў у Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР — навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара ўзаемасувязей літаратур, у 1963—76гг. загадчыкам сектара тэорыі літаратуры. З 1954г. года з’яўляецца Членам Саюза Пісьменнікаў Беларусі. Доктар філалагічных навук (1964г.), прафесар (1965г.). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1980г.; за ўдзел у 2-томным даследаванні “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры” і “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры”), Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

    Першая публікацыя Н. Перкіна ў рэспубліканскім друку датуецца 1935г. Як літаратуразнавец пачаў выступаць у 1946г. Яго шматлікія працы прысвечаны важным тэарэтычным пытанням бела­рускай літаратуры (“Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.: Праблемы сацыялістычнага рэалізму”), творчасці асобных беларускіх пісьменнікаў (“Аркадзь Куляшоў: Паэтычная творчасць”, “Творчасць Петруся Броўкі”, “Пятро Глебка”).

    Пад яго кіраўніцтвам праводзілася даследаванне ўзаемасувязей беларускай літаратуры з рускай, украінскай, польскай, балгарскай, чэшскай і інш. літаратурамі. У сваёй даследчыцкай дзейнасці спалучаў выкарыстанне дэталёвага, фактаграфічнага матэрыялу з асвятленнем агульных заканамернасцей працэсу станаўлення і развіцця беларускай літаратуры ва ўмовах міжнацыянальных сувязей (“У сям’і брацкіх літа­ратур”).

    Навуковыя інтарэсы Навум Перкіна былі цесна звязаны з актуальнымі праблемамі жыцця, асабліва з пытаннямі развіцця нацыянальнай культуры (“Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры”). Яго кніга “Чалавек у савецкім рамане” выяўляе глыбокі погляд аўтара на гісторыю шматнацыянальнай савецкай літаратуры, павагу да яе лепшых традыцый, уменне шмат у чым па-новаму асэнсаваць класічную спадчыну і плён пошукаў сучасных пісьменнікаў, працэс развіцця рамана ў савецкую эпоху.     Па складу свайго мыслення Навум Перкін быў вучоным-тэарэтыкам. Яго працы ў асноўным тэарэтычныя і ў значнай меры наватарскія. У іх абагульнены вялікі мастацкі вопыт бе­ларускай і ўсесаюзнай літаратур, многія з’явы разглядаюцца ў дыялектычнай сувязі і прычынных суадносінах са з’явамі гісторыі, філасофіі, псіхалогіі, сацыялогіі. Ён адзін з аўтараў “Гісторыі бела­рускай савецкай літаратуры” (т. 1), падручніка “Беларуская савецкая літаратура” для 9—10-га кл. (разам з Ю. Пшырковым).

    Навум Перкін быў буйным аўтарытэтным вучоным, з яго думкай лічыліся, на яго спасылаліся. Той, хто пісаў пра Аркадзя Куляшова, Петруся Броўку, Пятра Глебку, не мог абмінуць грунтоўных манаграфій вядомага літаратуразнаўцы. Прадметам яго асаблівай зацікаўленасці былі літаратурныя ўзаемасувязі і праблемы нацыянальнага, інтэрнацыянальнага і агульначалавечага ў літаратуры. Гэтаму прысвечаны многія яго артыкулы, некалькі манаграфій. Калі ў Маскве распачалі выданне “Истории советской многонациональной литературы” ў шасці тамах, то менавіта Навуму Саламонавічу даручылі напісаць раздзелы пра беларускую літаратуру. Нягледзячы на пэўную даніну тагачасным ідэалагічным устаноўкам, развагі і высновы вучонага па нацыянальным пытанні і сёння цікавыя, як і яго манаграфіі па творчасці многіх беларускіх пісьменнікаў.

    У кнігах, якія выйшлі з-пад пяра Навума Саламонавіча, добрасумленнага, грунтоўнага даследчыка і мысляра, вельмі стрыманага, сціплага і інтэлігентнага чалавека (характарыстыка, дадзеная яму ў свой час Алесем Адамовічам), заўсёды адчувалася яго шчырае, эмацыянальнае стаўленне да ўсяго, што рабіў. Многае растлумачылася пазней, ужо пасля смерці Н. Перкіна, калі былі апублікаваны яго чыстыя, празрыстыя па стылі, як незамутнёная крынічка, аповесці “Хлопчык з мястэчка”, “Я стаў партызанам”, “На скрыжаванні” (усе на рускай мове).

    Але час ішоў многае ў свеце змянілася, стала іншым жыццё, з’явіліся новыя падручнікі і кнігі. Няма ўжо і самога На­вума Саламонавіча. Ён пайшоў з жыцця 2 кастрычніка 1976 г. Але ён разумеў: у яго жыцці нямала такога, што перажытае ўсім на­родам і адгукнулася ў многіх сэрцах. Так, Навум Перкін пакінуў пра сябе добрую па­мяць дакументальна-мастацкімі творамі. Аповесці і апавяданні раскрылі старонкі яго жыцця, пра якія ён не любіў асабліва расказваць сябрам і калегам, бо быў надзвычай сціплым чалавекам. Засталася памяць пра Наву­ма Перкіна — вучонага, выхавацеля, настаўніка, Чалавека. Адзначаюцца юбілеі, пішуцца ўспаміны, прыходзяць з кветкамі на магілу яго вучні. У Тураве ёсць вуліца, названая імем вучонага, у мясцовым музеі яму прысвечана экспазіцыя.

Навум Перкін з Іванам Навуменкам і Алесем Адамовічам
Навум Перкін з сынам Анатолем і жонкай Соф’яй Яфімаўнай