Жыткавічы

   Жыткавічы – горад раённага падпарадкавання, чыгуначная станцыя (на лініі Лунінец - Калінкавічы), адміністрацыйны цэнтр Жыткавіцкага раёна, за 238 км. на захад ад Гомеля, 229 км. ад Мінска. Аўтадарогі звязваюць Жыткавічы з Брэстам і Калінкавічамі. На захадзе і поўдні Жыткавіцкі батанічны заказнік рэспубліканскага значэння. Па стане на 2019 год пражывае15,9 тысяч чалавек.

   Паводле пісьмовых крыніц Жыткавічы вядомы з XV стагоддзя  як вёска ў Слуцкім павеце Навагрудскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1457г. сяло, даравана памешчыку В.Бараку. У 1495 годзе ўпамінаецца маёнтак Жыткавічы ва ўладанні Ажарынскіх. З 1581 г. дзейнічала пабудаваная з дрэва Святатроіцкая  царква. У 1633г. князь Алелькавіч перадаў Жыткавічы баярыну Галоўку. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793г.) у складзе Расійскай імперыі.

   Праз вёску праходзіў тракт Мазыр – Давыд – Гарадок, дзейнічала паштовая станцыя (8 коней). У 1816 годзе 79 двароў. У 1842 годзе на месцы састарэлага ўзведзены новы будынак царквы. У 1866 годзе 80 двароў, 644 жыхары. Пасля здачы ў эксплуатацыю чыгункі Лунінец – Гомель (люты 1866г.) пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. У 1867 годзе адкрыта народнае вучылішча, якое размясцілася ў наёмнай сялянскай хаце, а ў 1903 годзе для яго ўзведзена ўласнае памяшканне.

   З 1795 года да 17 ліпеня 1924 года Жыткавічы – цэнтр воласці, у склад якой у 1885 годзе ўваходзілі 13 сяленняў з 498 дварамі. Працавалі паштова-тэлеграфная кантора, вадзяны млын. Паводле перапісу 1897 года ў сяле 1228, на чыгуначнай станцыі 56 жыхароў, малітоўны дом, хлебазапасны магазін, капліца, часоўня, 5 крам, 6 ветракоў, карчма, аптэка. Побач з чыгуначнай станцыяй ва ўрочышчы Вялікая Голь (пазней далучана да станцыі), налічвалася 18 двароў, 163 жыхары, шкіпінарны і лесапільны заводы, слясарня, пастаялы двор, крама. У 1907 годзе сяляне акзалі ўзброеннае супраціўленне паліцыі, якая дапамагала памешчыцы Крывашэінай пакараць сялян за вырубку лесу. У 1908 годзе 329 двароў. У 1917 годзе Жыткавічы – сяло (1848 жыхароў) і пасёлак (327 жыхароў). На лесапільным заводзе Бермана ў ліпені – жніўні 1917 года адбылася данаццацідзённая забастоўка, якая закончылася перамогай рабочых ў задавальненні іх эканамічных патрабаванняў. Летам 1918 года ў час нямецкай акупацыі быў створаны партызанскі атрад (камандзір Лук’яновіч). З 1924 да 1937 года Жыткавічы – мястэчка, з 20.08.1924г. – цэнтр Жыткавіцкага сельскага Савета (да 16.07.1954г.) Жыткавіцкага райна Мазырскай акругі (да 26.07.1930г. і з 21.06.1935г. да 20.02.1938г.), а з 20.02.1938г. Палескай, з 08.01.1954 г. Гомельскай вобласці. У выніку пажару 25.04.1925 году згарэлі 103 пабудовы 17 двароў. На чыгуначнай станцыі дзейнічала мытня. У 1925 годзе адкрыты народны дом, у 1928 годзе дала ток электрастанцыя. Дзейнічалі два таварыствы саматужнікаў (у 1926 годзе 81 чалавек). У 1930 годзе арганізаваны калгасы “Бальшавік” і “Пралетарый”. У 1931 годзе створана МТС і пачала выходзіць раённая газета “Прымежны камунар”. У 1932 годзе для сямігадовай школы ўзведзены новы будынак. У 1933 годзе ў Жыткавічах 2,9 тыс. жыхароў, лесапільня і ганчарня, (з 1906 года), маслазавод (з 1931 года), друкарня, паравы млын (з 1911г.), электрастанцыя, шавецкія і кравецкія майстэрні, смлазавод (з 1927 г.), 2 кузні, вобадная майстэрня, хлебапякарня, сукнавальня, крупарушка, алейня. Працаваў радыёвузел. З 27 верасня 1938 года Жыткавічы – гарадскі пасёлак. У 1939 годзе – 4,3 тысячы жыхароў.

   У 1941 годзе ў час наступлення нямецкіх войск Жыткавічы разам з часцямі Чырвонай Арміі абараняў Тураўскі знішчальны батальён. Са жніўня 1941 па 06.07.1944г. Жыткавічы акупіраваны нямецка-фашысцкіх захопнікамі. У сакавіку – лістападзе дзейнічала  патрыятычнае падполле, (кіраўнік Е.Я.Гораў, Л.С.Галавач, М.Ф.Бандзюк). У баях за гарадскі пасёлак загінулі 139  воінаў, (пахаваны ў брацкай магіле ў скверы). 290 гараджан загінулі на фронце. У 1970 годзе 7,9 жыхароў. З 19.11.1971г. горад раённага падпарадкавання. У 1976 годзе ў склад горада ўключана вёска Дварэц. Дейнічае лесанарыхтоўчае прадпрыемства “Жыткавічлес”, маторабудаўнічы завод, райаграпрамтэхніка, маслазавод (філіял Петркаўскага завода сухога абястлушчанага малака), лясгас, камбінат бытавога абслугоўвання, хлебазавод, элеватар, метэастанцыя, 3 сярэднія, 9-ці гадовая, музычная і спартыўныя школы, прафтэхвучылішча механізацыі меліярацыйных работ, 7 дашкольных устаноў, Дом культуры, цэнтр фальклору, кінатэатр, 2 бібліятэкі, райэпідэмстанцыя, бальніца, аптэка, раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі, гісторыка-краязнаўчы музей. Працуе раённае радыёвяшчанне, з лютага 1931 года выдаецца раённая газета “Новае Палессе”. У 1990 годзе да горада далучаны пасёлак “Сасновы”. У 1991 годзе у маладым мікрараёне “Азёрны” г.Жыткавічы адчынена новая гарадская бібліятэка філіял № 59, пабудавана сярэдняя школа № 3. Значнай падзеяй у спартыўным жыцці горада і раёна стала адкрыццё дзіцячай спартыўнай школы “Матор. Адметным для медыцынскай сферы стаў 1992 год - у м-не “Азёрны” адкрыта новая паліклініка. Вялікую шкоду гораду  нанесла паводка 1993 года, быў пашкоджаны 251 будынак. Ушанаванне ратнага подзвігу  дзядоў і бацькоў нашых ніколі не страціць сваёй вялікай ролі для будучых пакаленняў. Так, у 1993 годзе 9 мая у Жыткавічах каля чыгуначнага вакзала быў адкрыты помнік работы скульптара І.Ю.Платонава “На брацкай магіле воінаў і партызан, загінуўшых ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Захаванню гістарычнай памяці, пачуццю ўдзячнасці і гонару маладому пакаленню 80-х прысвечана адкрыццё ў г.Жыткавічы  26 кастрычніка 2002 года помніка-альтанкі  уражэнцам Жыткаўшчыны, загінуўшым у Афганістане. 17 верасня 2005 года адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар воіна -інтэрнацыяналіста Віктара Кацубінскага, ва ушанаванне памяці воіна названа адна з вуліц мікрараёна “Азёрны”. Адметнай падзеяй 1 верасня 2003 года стала адкрыццё  газапровада ў горадзе Жыткавічы.

   Забудова вядзецца паводле генеральнага плана 1976 года, распарацавнага Беларускім дзяржаўным навукова-даследчым інстытутам горадабудаўніцтва. Чыгунка і аўтадарога падзяляюць горад на 3 часткі: (паўднёвую: шчыльная сетка вуліц мерыдыяльнай арыентацыі, перакрыжавнвх шыротнымі вуліцамі), паўночную (тры працяглыя шыротныя вулцы, злучаныя завулкамі, да якіх на усходзе далучаюцца тры паралельныя вуліцы) і усходнюю (тры крыху выгнутыя вуліцы, злучаныя завулкамі). Будынкі мураваныя і драўляныя. Новая забудова вядзецца ўздоўж бульвара па вуліцы Энгельса. Шматпавярховымі мураванымі дамамі забудаваны мікрараёны “Азёрны” і “Паўночны”. У пачатку 1990 –ых гг. узведзены 50 мураваных дамоў катэджнага тыпу, у якіх пасяліліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц. Радзіма кампазітара Ул.Будніка, генерала - лейтэнанта В.Ф.Багдановіча, мастачкі Н.А.Чарнагаловай, заслужанага настаўніка Беларусі Л.А.Ліхоты. Непадалёку размешчаны радовішчы будаўнічага каменю (159,5млн.м.куб.) і гаручых сланцаў(1181 млн.т.).