ПІСЬМЕННІК, НАВУКОЎЦА, КРЫТЫК

У далёкім 1929 годзе пачалася творчая дзейнасць нашага слаўнага земляка Уладзіміра Іванавіча

Агіевіча, пісьменніка, навукоўца, крытыка. На жаль імя У.І. Агіевіча не часта пачуеш сёння ва ўспамінах землякоў, але трэба ведаць, што ён першы ў беларускім літаратуразнаўстве выявіў памылковую ацэнку паэмы Я.Коласа “Сымон-музыка”, якая існавала ў літаратуры даваеннага часу.

    Агіевіч Уладзімір Іванавіч нарадзіўся 13 верасня 1910 года ў вёсцы Пухавічы Мазырскага павета Мінскай губерні, цяпер Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці у сям’і беднага селяніна.

    Уся бацькава гаспадарка склалася з 1,5 ворыва, трох гектараў балотнай сенажаці, каровы і некалькіх галоў дробнай жывёлы. Каня свайго ў бацькі не было. Затое была шматдзетная сям’я. Адсутнасць дадатковых сродкаў для пражыцця прымушала бацьку з году ў год ісці на сплаў лесу да мясцовых лесапрамыслоўцаў, а таксама наймацца на іншыя часовыя работы. У 1930 годзе, вясной, бацька ўступае ў калгас імя Леніна, у якім працаваў добрасумленна да 1936 года. У 1936 годзе, улетку,  на будаўніцтве калгаснай клеці ён ўпаў і разбіўся насмерць.

    Да 1928 года Уладзімір Агіевіч вучыўся ў сямігодцы. Скончыўшы школу, паступае на кароткатэрміновя настаўніцкія курсы. З 1929 года працаваў настаўнікам пачатковай школы ў

Жыткавіцкім раёне. Актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі і станаўленні калгасаў у вёсках быўшага Ляхавіцкага сельсавета.

    У 1933 годзе паступіў у Магілёўскі педінстытут на літаратурны факультэт і скончыў яго ў 1937 годзе, атрымаўшы дыплом з адзнакай. З 1937 па 1939 год працуе выкладчыкам беларускай літаратуры ў Слуцкім педвучылішчы. У канцы 1939 года паступіў у аспірантуру пры АН БССР. Некаторы час чытаў курс гісторыі беларускай літаратуры ў вышэйшых навучальных установах горада Мінска. Аднак вучобу ў аспірантуры перапыніла вайна. Эвакуіраваўся з Мінска, працаваў настаўнікам у Саратаўскай вобласці. У кастрычніку 1941 года добраахвотна ідзе ў Чырвоную Армію. Служыць на Калінінскім фронце ў 397 стралковай дывізіі, у 448 палку. У сакавіку 1942 г.  быў паранены і кантужаны ў баі пад Холмам, накіраваны ў шпіталь г. Мурама Горкаўскай вобласці. Пасля лячэння быў вызвалены ад вайсковай службы. З 1943 г. працаваў вучоным сакратаром аддзялення  грамадскіх навук АН БССР у Маскве. У жніўні 1944 года разам з Акадэміяй вярнуўся ў Мінск, працаваў на гэтай пасадзе да 1946 года. У ліпені гэтага ж года становіцца членам СП БССР, працуе літкансультантам палітычнага аддзела часопіса “Беларусь”.

    Сваю літаратурную дзейнасць пачаў ў 1928 годзе вершамі. Як крытык пачаў выступаць у 1940 годзе. Першыя крытычныя артыкулы аб літаратуры звярнулі на сябе ўвагу грамадскасці.

    У 1954 годзе ў Дзяржаўным вучэбна-педагагічным выдавецтве БССР выйшла кніга “Літаратура і жыццё” – зборнік крытычных артыкулаў. Сюды ўвайшлі артыкулы праблемнага характару і артыкулы аб творчасці пісьменнікаў, што вывучаюцца ў сярэдняй школе.

    Прынцыпова важнае значэнне маюць і такія артыкулы зборніка, як  “Да пытання аб традыцыях Уладзіміра Маякоўскага ў беларускай паэзі”, “У незабытыя гады”, “Разам з народам”,   “Адвечная песня” . Вылучаюцца яго артыкулы і аб пасляваеннай літаратуры. Іх аналіз пераконвае, што крытычнаму таленту аўтара была ўласціва здольнасць да філасофскіх абагульненняў, глыбіні погляду на жыццё і літаратуру, палымяная любоў да сваёй справы, што ўвасоблена ў кожным радку, кожным слове яго літаратурна-крытычнай, публіцыстычнай спадчыны.

    У.Агіевіч прымаў удзел у стварэнні падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для сярэдніх школ: “Кніга для чытання ў другім класе школ рабочай і сялянскай моладзі” (1952), “Кніга для чытання ў трэцім класе школ рабочай і сялянскай моладзі”(1952). На беларускую мову пераклаў аповець М.Прыляжаевай “З табой таварышы” (1950).

    Памёр Уладзімір Іванавіч 4 кастрычніка 1952 года пасля цяжкай хваробы.